Ранней старости одиночество – затянувшийся холод весны.
Что-то хочется и не можется, – вот покоя бы, тишины…
Ночь приходит – заходит без стука. Заходи! Вдруг вдвоем веселей?
Что ломаешься, старая сука, – не напьешься всё крови моей?..

Валерий ГРИШКОВЕЦ, «Ночь одиночества».
Вы тут: Главная»Рубрики»Литература»Обзоры»

Вочы у вочы – продкі і мы

18/01/2020 в 08:01 Алесь Новікаў критика , ЛіМб
 
Гэта водгук Данііла Лысенкі ў «ЛІМБ»#3. Наколькі ён адпавядае рэчаіснасці, вызначыце пакуль самі, паважаныя чытачы.

 

Падборка тэкстаў Міколы МЯТЛІЦКАГА прасякнутая моцным пачуццём патрыятычнасці. Зварот да гэтых матываў цалкам апраўданы. Але, на маю думку, часам патрыятызм падаецца ў занадта ўзнёслым ключы, яго раскрыццю не хапае канкрэтыкі: з аднаго боку, гэта дазваляе пазбегнуць штампаў кшталту адвечных буслоў і сінявокасці, з другога – знікае суб’ект патрыятычных пачуццяў, што менавіта для такіх пачуццяў можа быць фатальна. Апошні верш, «Грамагучнаю хваляю радасці...», пераходзіць з агульнапатрыятычнага поля да ваеннай тэмы – і якраз тут абстрактны патэтызм прыходзіцца вельмі дарэчы: гарматнагучныя, амаль жывыя «Свабода» і «Незалежнасць» выклікаюць асацыяцыі са «Свабодай на барыкадах» Эжэна Дэлакруа. Цяга аўтара да выбудовы аб’ектыўных вобразаў цікавіць, але, як мне здаецца, такі падыход працуе не з усімі сюжэтамі і тэмамі.

 

Д.Лысенка

 

***

 

(фота Кастуся Дробава з сайта zviazda.by)

 

Мікола МЯТЛІЦКІ

(«ЛіМ» №47-06.12.2019)

***

 

У мроях сваіх ён убачыў цябе, Беларусь,

І вярнуўся, і зліўся душой,

П’ючы зыркія промні маленства –

Цяпло рос твайго поплава даўняга,

Ступіў басанож на пракаветны бальшак

Прыцьмела-запыленай гісторыі нашай

І крок за крокам, упарта,

Дыхаючы на ўсе збалелыя грудзі,

Рушыў у будучыню – панёс

Натхнёнае гарачае сэрца.

І з мрояў-вершаў яго адлітая,

Ты, Айчына мая высненая,

Явай дня новага сталася,

З душою ягонай злілася,

І ён сонцам узышоў над табой –

У кожнае сэрца красае агонь

Натхнёнага Духу,

Дае надыхацца напоўніцу кожнаму

Свежым паветрам Айчыны,

У моц паверыць сваю чалавечую,

Ён,

Наш юны геній –

Максім Багдановіч.

 

***

 

Вочы у вочы – продкі і мы.

Колькі нам кажа іх позірк нямы

З прошласці даўняй, таемнай, як сон,

Нашыя думкі забраўшы ў палон,

Мудрых казанняў, як правільна жыць,

Меней гузоў у адчаі набіць,

Болей духоўнага скарбу набыць.

 

Толькі, на жаль, мы іх чуем, калі

Робіцца пеклам жыццё на зямлі.

Помачы просім, заступніцтва ў іх,

Бо не хапае сіл скутых сваіх

Зрушыць пастылую цемру начы,

Новае зло перамагчы,

Вырваць Жыццё з крыважэрнае цьмы.

Вочы у вочы – продкі і мы.

 

***

 

Мы імя сваё гордае

Неаднойчы крывёю гарачай

Напісалі на лёсу скрыжалях

У сечах, пазначаных стратамі.

Мы прад ворагам кожным,

Свой баронячы край, не дрыжалі

І сумленна палеглі

На абсягах Еўропы

Салдатамі.

 

У страі баявым

Неаднойчы прайсціся нам выпала,

Ды, адрынуўшы зброю,

На руінах жыццё адрадзілі.

Хоць нялёгкая доля

Чашу слёз і крыві нашай выпіла,

Не счарсцвелі душой,

Чалавечнасці мы не згубілі.

 

Беларусы, сягоння мы

Светам абсяжным пачутыя,

Наша кожнае слова

На шалях сумлення узважана.

З тымі мы, хто спазнаўся

У лёсе з такімі ж пакутамі,

Хто жыве на зямлі,

Як і мы,

Не прадажна.

 

І такіх з кожным днём

На прасторах зямных усё большае,

Не задушыць наш голас

Крывадушнікаў зграя пражэрная.

Мы спазналі не раз

За жыццё сваё

Самае горшае,

І сумленню свайму

Застанёмся заўсёды мы

Вернымі.

 

***

 

У Вязынку прыходзяць на Купалле

Гарэзныя дзяўчаты, юнакі:

На курганах кастры да ранку паляць

І плынь ракі ўбіраюць у вянкі.

 

У іх сардэчных клопатаў нямала,

Свой хочуць лёс шчаслівы напаткаць.

Іх на стагоддзі ўсе натхніў Купала

Пад небам кветку-папараць шукаць.

 

Буяе ў травах маладое лета,

Пагодна акунаецца ў зару.

І б’ецца сэрца вечнае Паэта,

І моліцца штодня за Беларусь.

 

***

 

Пабачыць пашчасціла рэкі і горы,

У стэпе пабыць, наблукацца тайгой,

Зямлі неабдымнай адкрыўшы прасторы,

Развітвацца з імі з заўсёднай тугой.

 

Імкнуцца ўсё дальш і прыйсці на край

свету –

Убачыць магутны буян-акіян;

Схадзіўшы наўсцяж немалую планету,

Прыкмеціць аседлыя справы зямлян.

 

Паўсюдна турботай занятыя людзі,

Паўсюдна прыспешваюць клопатна дні.

І наша жыццё анідзе не пазбудзе

Залішняй падзённай жывой мітусні.

 

І толькі начамі, знайшоўшы адхланне,

Спачнём пад наглядам нябесных свяціл,

Каб потым прачнуцца і зноўку ў світанне

Ўварвацца з энергіяй, свежасцю сіл.

 

Мы, дзеці планеты, з’яднаныя рухам,

Ужо нам зацесна сягоння на ёй.

Аднойчы акрэплі душой мы і духам,

Змаглі паквітацца з пячорнай імглой,

 

Смялей пазірнулі на звабныя зоры,

Праехалі ўсцяж, а падчас – праплылі.

Скарыць нам па сіле і рэкі і горы,

І нават – парваць прыцягненне Зямлі.

 

***

 

Грамагучнаю хваляю радасці

Дзень гэты летні

Перагукнуўся з памятным днём

Вызвалення,

Калі першымі крокамі

Свабода ўступіла

На зруйнаваныя вуліцы Мінска

І, выдыхнуўшы на ўсе грудзі

Пераможна-раскацісты вокліч,

Злілася са слязінаю шчасця.

 

Грукаталі пераможна гарматы,

Грукалі-біліся пераможна сэрцы,

У пераможны галас

Зліваліся галасы…

Мянялася паветра само

Над руінамі і ў ацалелых пакоях

На пераможнае,

І нават кроў у чалавечых

Артэрыях і венах

Быць перастала баяцца чырвонай…

 

І вось грамагучна –

Чаканным крокам парада,

Залпамі салюту святочнага –

Перагукнулася памяць Айчыны

З гулам дня незабыўнага,

З якога і вырасла,

Увабралася ў сілу

Акрываўленая Незалежнасць,

Каб на магутных далонях

Трымаць

Наша жыццё чалавечае…

Оставить комментарий (0)

Поделиться в соц.сетях:

Система Orphus

Нас считают

Рейтинг@Mail.ru

Откуда вы

free counters
©2012-2020 «ЛитКритика.by». Все права защищены. При использовании материалов гиперссылка на сайт обязательна.